Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Усё будзе стабільна да млоснасьці

Усё будзе стабільна да млоснасьці
Чарговы курс хіміятэрапіі
Прапісаны меньшасьцю большасьці
Воўчым жахлівым выем.
А ты паскулі ля ваколіцы
Пад гоман савецкіх маршаў
Пад тупат жаўнерскіх ботаў ды конніцы
Па горла ў крыві, з галавою ў фальшы
Але раны неўзабаве зацягнуцца
Ня пройдзе нават і месяца
Толькі боль у народавай памяці
Ня выпаліць хлусьнёй ці Акрэсцьіна
Як ня выпаліць з сэрца каханую
Не забыць хату старую дзедаву
У Курапатах людзей пахаваньні
Апраўданьні сьвятымі мэтамі
Усё будзе стабільна да лютасьці
Да шалентсва ці самагубства
А жыцьце з абыякавай хуткасьцю
Шчэ дакажа табе тваё глупства
Homo homini кім толькі ня прыйдзецца
У краіне пад белымі крыламі
І ваўкамі, і куляй у патыліцы
І адбіткам з вачыма застылымі
Шэрым колерам форма міліцыі
Размалюе на сьвяты краіну
Вальнадумныя надта амбіцыі
Дон Кіхоты дзяржаўнага млыну
Усё будзе стабільна і весела
Праца вызваліць – гэта мы помнім
Ля паганскага вогнішча зь песнямі
Для таго, хто раўней роўных
I хай зараз усё па-ранейшаму
Не бяры гэтых трыццаць, каб потым
Жарт ня стаў жыцьцяпісам тутэйшага –
“Я нарадзіўся за дротам”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Усё будзе стабільна да млоснасьці - Алесь Ураза