Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ЛОВЫ

Завершаны вечар хваёвы,
Пад зорнаю коўдраю стаў.
Я выправіўся на ловы
Адчаю, што сэрца працяў.
Няўздымную тую гатовасьць
Мітрэнгамі век гадаваў,
Мігцеюць каўткі тытунёвыя –
Драбныя нашчадкі Зьніча.

Праз сутаргі немых крозаў
Знайшлі апраўданьне грахі,
Але ж і Яму немаглося:
З шаленствам пушчанскім лучыў
Вятругамі штормы калосься
І нас касавалі дажджы;
А зараз я ладжу цянёты
На цішы таемных сьцяжын.

Для іншых, бадай, адмыслоўца,
Пільнуючы, ўвагу напяў –
Зьвер вернецца абавязкова
Жывое крыві паспытаць.
Пазнa’ю беспамылкова
І подых, і поступ здаля,
Пачуўшы абураны шомаст
Пабуджанага гальля.

Бы ведаючы, абыходзіць
Памагатых маіх нумары,
Нанова на ласку лёсу
Я зь ім застаюся адзін.
Ня зблудзіцца ў стрэчным шроце –
Хрыпіць да мяне напрасткі,
І чырвань, распаленым золкам,
Ў сунічнік зьбяжыць па нажы…

Каўток пры каўтку тытунёвым,
Заруніў хваёвы абсяг.
А хто перамог у двубоі,
Няма каму адказаць.
Нявырашанасьці нэрвовасьць
Прыняў за заслону плашча,
І ў часе бліжэйшым – на ловы,
Якіх ці счакаю канца?

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ЛОВЫ - Зьміцер Захарэвіч