Верш Багацьце
Кожны чуў: наш край маркотны,
Анічога ў ім няма,
За мяжой шукай вабноты,
Не губляй тут час дарма.
Бедаком сябе лічыць –
Гэта сорам, браце:
Ты зірні – вакол ляжыць
Дзіўнае багацьце.
Граньне гусьляў, флейты сьпеў,
Гук дуды магічны,
Шэпт лістоты старых дрэў,
Рух вады крынічнай,
Бліскавіц вясновых зьзяньне,
Пошум пушчаў і дуброў,
Вод імклівых віраваньне,
Статкі лосяў ды зуброў,
Соснаў гожых калыханьне
Ды паселішчы баброў –
Краю нашага аздобы.
Толькі крокі запаволь,
Скінь свой смутак і жалобу,
Адпачыць душы дазволь.
Выйдзеш зранку ўвесну ў поле –
Там шчабечуць жаўрукі.
Зойдзеш у лес, дзе дыхаць вольна –
Бой вядуць цецярукі…
А касьцёлаў ды капліцаў –
Нібы пэрлін на дне мора,
Замкі, вежы, сьцен байніцы,
Там схаваны таямніцы
ў сутарэньнях, калідорах.
З чоўнам, роварам ці пешкі
У край сьпяшайся цераз Мёры,
Дзе блакітныя прасторы.
Вабяць там лясныя сьцежкі,
Леднікоў эпохі рэшткі –
Камы, озы ды азёры.
Там рупліўцы адраджаюць
Старажытныя рамёствы,
Да мастацтва дотык маюць
і маленькі, і дарослы.
Войса, Струста, Снуды, Несьпіш –
Цуд такі ты ў сэрца ўмесьціш.
Ноччу ў іх глядзіцца месяц.
Толькі ў воды іх нырніце,
Ці з пагорка паглядзіце –
Згадкі лепшыя ўваскрэсяць.
Варты жалю той бядак,
Хто ў нару забіўся
і ад скарбаў тых, дзівак,
Сам адгарадзіўся.