Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш ЧДУ*



Чытаю “раёнку” – сляза на вачах
Ад гэтай пачварнай абрэвіятуры.
Плятуцца ў артыкуле словы панура,
Што ўсіх паратуе і вылечыць час.

Чарнобыльскім горам азмрочаны край,
Узровень часовы, таму дапушчальны,
Змірыліся, нібыта ён даравальны,
А смерць і нядужасць дарма дакараць.

Усё дапушчальна, калі дапускаем:
Разбой і нікчэмнасць, убоства і хлуд.
I горбіцца зябка пад доляю люд,
I ходзіць між намі не мечаны Каін.

На колькі пакутных разлічаны год
Часовасць жыцця і часовасць хваробы?
Здаля пагражае часовасць народу,
Гісторыя помніць і гэткі зыход.

Нахабна запоўнілі лёсаў прасцяг
Атрутныя думкі, атрутныя словы.
Бяда, што і сёння ад крэслаў часовых
Залежыць заўсёднасць зямлі і жыцця.

* ЧДУ – часова дапушчальны ўзровень радыяцыі.





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш ЧДУ* - Зінаіда Дудзюк