Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З кнігамі Васіля Быкава

Як доўжыцца грымотная дарога
Паміж крыжоў і спапялёных хат.
Яшчэ й дасюль гукае Вас трывога,
Таварыш маладзенькі лейтэнант.

Там небасхіл гарыць і не згарае,
Там дым яшчэ смярдзючы не апоўз.
І кіпцюры растуць у воўчай зграі,
І дыбіцца на шэрых крысах поўсць.

Ізноў туды – нібы душу на плаху?
І зноў туды – да самых горкіх страт?
Там дзень і ноч змяшаліся ад жаху,
Таварыш пасівелы лейтэнант.

Як час ідзе…А бомбы зноў ірвуцца,
Шалее свет на грані закрыцця.
І кожны раз – пайсці, як не вярнуцца,
І кожны раз – вяртацца з небыцця.

Ці не таму і не маўчыць сумленне,
І пішацца не проза, а дыктант.
…Схіляюцца ў пашане пакаленні
Прад Вашым мужным лёсам, Лейтэнант.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (4 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш З кнігамі Васіля Быкава - Яўгенія Янішчыц