Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каліна зімы

Полымем зыркім душу апаліла.
Полымем белым ўзняло з небыцця.
…Ой жа зімой закіпае каліна,
Гронка яе – як надзея жыцця.

Позняя ягадка позняй спакусы.
Вэлюм маёвы растаў па вясне.
Запунсавела-прыпухлыя вусны
Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.

Выберу сёння якую вандроўку,
Каб неўталоннай душы дагадзіць?
Светла аклікну каліну-сяброўку –
Сумам маім на мяне паглядзіць.

Белапушыстыя ўскінуты бровы.
Час замірання. I час адкрыцця.
Доля мая – нібы гронка любові
Б’ецца над сцішанай голькай жыцця.


Верш Каліна зімы - Яўгенія Янішчыц