Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А мне ў мілай старане

А мне ў мілай старане –
Бліжэй да сонца і прыроды…
Там дзень праявіцца ў акне
Густым малінавым усходам.

Дыхне сцюдзёна ад ракі
Травой і рыбнаю лускою,
I заблішчаць чарнавікі
Слязой ці першаю расою.

…Вясна. I заўтра быць сяўбе.
На сонцы сушацца сарочкі…
Ды ці не ад саміх сябе
Мы часта бегаем упрочкі?

Ўдыхаем цвет чужых палян,
Пакуль сваё не возьме проза,
Пакуль спаўзе, як і туман,
Адступіць шэранькая поза.


Верш А мне ў мілай старане - Яўгенія Янішчыц