Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чараты (Балада антаў. V стагоддзе)

Як прадаўжаючы раты,
Растуць з балота чараты.

На чаратах і на губах
Трывожнай небяспекі пах.

Пачуўшы: “Ворагі ідуць!” –
Нырнулі хатнікі ў ваду.

I зараз сцішана на дне
Чакаюць, калі жуд міне.

А вецер дзьме па чаратах –
Здаецца, ходзіць па ратах.

Па людзях быццам ходзіць ён,
Хто не паспеў пайсці ў заслон;

Хто не паспеў узяць мячы,
He змог з малымі уцячы,

Якія тут жа, сцяўшы страх,
Чарот мыляюць у губах.

Ляжаць пад зябкаю вадой,
У глей загнаныя бядой.

Гудуць трывожна чараты,
Нібы раскрытыя раты…

Вачніцамі вачэй пустых
Глядзяць у зле на чараты,

З якіх дыміцца яд надзей –
Дыханне стоеных людзей.

I ўжо ў балота лезе раць…
Як лёгка хітрасць ваяваць,

Калі, раскрытая спаўна,
Яна не хітрасць, зло яна.

Ты чарацінку вырвеш з губ –
I ўжо любуйся, душагуб,

Як захлынаецца дзіця,
Табой забранае ў жыцця.

А можаш і наадварот –
Прабіць наскрозь чаротам рот.

Тады, працятая да дна,
Душа не ўстане ні адна…

Ты пераможца, вораг-змей,
Бо ты хітрэй, падлей і злей.

Дзьме цішынёю з балатоў –
Hi чаратоў там, ні ратоў.

I ўсё ж над страшнаю вадой
Цікуе вока за табой.

Яно запомніць назаўжды,
Куды пайшлі твае сляды.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чараты (Балада антаў. V стагоддзе) - Янка Сiпакоў