Верш Будоўля (Беларуская балада. XVII стагоддзе)
Што ж, цесляры, невясёлыя –
Сякера аж падае з рук?
Што апусцілі вы голавы,
Сумна глядзіце на зруб?
Бёрны усцягвайце новыя
I заразайце вуглы…
Хораша пахне будоваю,
Стружкамі ў кроплях смалы!
Дзе ж ваша радасць з уцехаю?
Вунь як святлее вакол!
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба ірвецца касцёл.
Сцены вышэюць касцёльныя,
Кладзецца вянец на вянец
Бёрнамі жоўтымі смольнымі
З вашых жа хат і з сянец.
Касцёл узнімаецца нанава –
Хаты ніжэй і ніжэй:
Кузьмова, Пятрова, Раманава
Раскрыты да самых дзвярэй.
Бёрны, што млелі пад кроквамі, –
Аж у падмурак ляглі,
А што рыпелі пад крокамі –
На завянчэнне пайшлі.
Што ж, цесляры, невясёлыя?
Паўстання не здзейсніўся план…
Што апусцілі вы голавы,
Пётра, Кузьма і Раман?
Кроквы вяжыце і лаціны,
Ладзьце вянок пад страхой.
Ды спаласніце улазіны
Конаўкай брагі якой…
Нельга. За кожнай саломінай
Сочыць ахоўнікаў шмат:
Рубяць паўстанцы хароміну
З родных разбураных хат.
I ўсё ж, напачатку нясмела так,
Ціхенька – Божа бароны! –
У стружках, як мятлушка белая,
Закапашыўся агонь.
Вось яна, радасць з уцехаю, –
Гляньце, як светла вакол:
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба шугае касцёл,
Новы палае касцёл…