Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Новая восень

Па-новаму восень палеткі
Абходзіць, глядзіць гаспадаркі…
Пайшлі аддыхаць пад паветкі,
Згуляўшы дажынкі, жнівяркі.

Закаўкалі каўкі на ўзвышшы,
Затрэсліся лісці ў гушчарні…
Цапы на сяле заглушыўшы,
Бушуе камбайн-малатарня.

Даўжэй цень кладзецца ад хатаў,
Цяжаюцца пульхна папары…
Адборныя жыта зярняты
Саджае сяўнік у гектары.

Віхор па кустах, па галінах
З усходу пагульвае свежы…
Дабром папаўняе спажыўным
Сячкарня сілосныя вежы.

У вырай сабраліся гусі,
I жораў азваўся пад небам…
Плывуць па шляхах Беларусі
Абозы чырвоныя з хлебам.

Асенняе сонца спакойна
Ў прасторах нямых пахаджае…
Гуляе пад сцягам чырвоным
Калгаснае свята ўраджаю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Новая восень - Янка Купала