Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У родных мясцінах

Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце,
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок
І вецер лёгенька гайдаецца на кусце.

Іду на груд павольнаю ступою.
Сумотна мне, бо я цяпер адзін,
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
І нікну я паныла галавою.

Грудок усё ж такі, як быў, прыветны,
Гваздзічка белая, чабор на ім,
Ды ўжо гляджу я поглядам другім,
Як дуб стары, астаўшыся бяздзетным.

Стаю, маўчу, мясціны аглядаю,-
Змяніліся, і трудна іх пазнаць.
Дубоў маіх паменшылася раць,
Як і людзей у родным нашым краі.

Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою
Вусцянскія сялібы зараслі.
Бярэзнічак заняўся на зямлі,
Атульвае разложыстую хвою.

Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,
Няма нідзе – згубілася ў траве,
У памяці ж маёй яна жыве,
Як шмат з таго, што знікла на палянцы.

І тых, з кім я так блізка быў знаёмы,
Ужо няма: хто выселіўся сам
К апошнім тым на свеце рубяжам,
Дзе крыж стаіць журботна – нерухомы;

Другіх вайна ў далёкі свет пагнала,
І многа іх не вернецца назад;
А трэціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат,
І родная зямля іх не прыбрала.

І ўсё мне туту, дзе вокам я не кіну,
Нагадвае аб жорсткасцях вайны.
Знявечаны лясы, а параснік буйны
Жывек і тчэ спрадвечную тканіну.

Ідзе жыццё, буяюць яго сілы, –
Хай паспрабуе хто суняць яго, спыніць.
Снуе жыцце за ніццю сваю ніць,
І моцныя для ўзлёту яго крылы.

Я ведаю – загояцца ўсе раны:
З пажарышч край паўстане, расцвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, –
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны!

І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў, з кім я шчаслівы быў,-
Пагасла ты, яснюсенская зорка.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (4 votes, average: 4,00 out of 5)

Верш У родных мясцінах - Якуб Колас