Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Наш шлях

Журботныя прагалы, дзе ні гляну,
I ў сёлах, і ў лясах.
Гарэлы клён схіліўся да паркану,
Сам чорны, як манах.
Стаіць адзін, раскінуўшы галіны,
Як пальцы рук сухіх,
I шум яго празрыстае чупрыны
Змяніўся і прыціх.
Навокала раскіданы магілы –
Руіны гумен, хат.
Гудзе, скуголіць вецер легкакрылы
На старасвецкі лад.
I хоць што крок малюнкі разбурэння,
Пабоішчаў сляды, –
Зямля ж цвіце, і покрыў аднаўлення
Тчэ засеў малады.
Прайшла вайна, як віхар-навальніца
Пад грукат перуноў,
А край жыве, гаючая крыніца
Струменіцца ізноў.
Разгорне люд, нібы арол той, крылы,
Плячамі павядзе, –
Такі размах раскованае сілы
Не быў яшчэ нідзе.
Старое ўсё мы пусцім на ўзві-вецер
Пад веснавую трэль.
Кажу – такіх, як наша, ва ўсім свеце
Не знойдзецца зямель!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Наш шлях - Якуб Колас