Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пры святле маланак

Вясне так хочацца прысесці
На сакавітую траву:
Каштанаў факельнае шэсце
Ёй закружыла галаву.

Ды толькі часу не хапае.
Вунь вецер з дрэў сагнаў шпакоў,
Лімоннай пенай закіпае
Сівая хмара з двух бакоў.

Пракаціўся атамны грукат,
Асляпіў нас касмічным бляскам,
I крывыя нажы маланак
Распаролі мяхі дажджу.

З вясной мы ў ліўневым палоне,
Ў чужым пад’ездзе я стаю.
Прыкрыў манашаскай балонняй
Тут хлопец дзеўчыну сваю.

Пакуль гарачы лівень шастаў,
Для гэтых я не існаваў.
Я каля іх на ўскрайку шчасця
З трывожнай думкаю стаяў.

Свет для іх тварыўся нанова,
Пачалася эпоха цудаў:
Сэрцы прагнулі сініх маланак,
Вусны сохлі ад спелай смагі.

А мне ўсё мроіўся той выбух,
Што ў кінафільме бачыў я.
А мне было тужліва, нібы
Згарала маладосць мая.

Гатоў ізноў ісці на мукі,
I замярзаць, і галадаць,
Каб нашым дзецям і унукам
Не бомбы ў спадчыну аддаць.

А Радзіму, ды чыстыя ліўні,
Ды зялёнае сонца лесу,
Ды блакітнае сонца мора,
Ды янтарнае сонца жыта.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Пры святле маланак - Пiмен Панчанка