Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ФРАНЦІШКІ УРШУЛІ РАДЗІВІЛ

(1705-1753)

Жонка князя, паэтка, красуня, княгіня,
Кіраўніца тэатра-і гэта ўсё ты.
Прад камінам сядзіш і агонь, што ў каміне,
Асвятляе жыццё і да мужа лісты.

Князь ізноўку адзін адлучыўся з Нясвіжа
І не заўтра, стамлёны, прыедзе дамоў,
Разаб’е, як шкляную, нясвіжскую цішу,
Без якой, нібы ружы, каханне й любоў

Не завянуць цяпер, бо слязамі паліты
Па сынах, што малымі пакінулі свет.
Як жанчына, як маці баішся нябыту,
Не баішся нічога, тутэйшы паэт.

І ў “Зялёным” тэатры за замкавым ровам
Пра сямейную вернасць гаворыш людзям.
І тваё, што ад сэрца прамоўлена, слова
Патрапляе ў людскую душу, як у Храм.

Зоркі ў небе высокім, нібы залатоўкі,
Нібы свечкі, што ў вежы начной, дзе жывеш.
І душа твая рвецца, як птах, у вандроўкі,
І вандруеш, але на радзіме ўсё ж лепш,

Бо тут роднае ўсё і табе ўсё святое
І застольная песня, і самота магіл.
І Нясвіжу ніколі не станеш чужою,
Бо ты наша княгіня, бо ты Радзівіл…

23.06.2011

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ФРАНЦІШКІ УРШУЛІ РАДЗІВІЛ - Віктар Шніп