Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зорны матыў

Нябесны Вадалей, вадаправод багоў,
Касьмічную перапаўняе флягу.
Блукаю я між зорных берагоў –
І хоць бы кропля мне: спатоліць смагу.

Як мараплаўцы, што згубілі шлях
І дапілі апошнюю надзею,
Малілі позіркам азораны прасьцяг
І выгледзелі ў небе Вадалея, –

Гляджу і я, хоць не гняце сухмень, –
Вады пакуль што на зямлі хапае:
Мне Вадалей сьвятла свайго прамень
Шкадуе, пэўна, хоць і абяцае.

Пацьвельвае сусед яго Пягас
З майго несамавітага блуканьня:
“Хіба ж, нябога, разгадаеш нас
Ты на балконе, быццам на Балкане?

Залазь на неба!..” – “Дзякуй, – гавару, –
Я з гэтым, пэўна, трохі пачакаю:
Да сэнсу ўсё яно, калі ў пару…”
І зноў качу да зор Сізіфаў камень…

У неба, раўнадушнае, як сьмерць,
Цягну штоноч свае зямныя думы.
А Вадалей? Ня сьпіць – рыпіць асьвер –
Лье маракам ваду сухую ў трумы…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зорны матыў - Васіль Зуёнак