Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У спёку

Чакалі-зачакаліся:
Смыляць нябёсы нізкія,
Ад каліўца да каліўца
Сухмень страляе іскрамі.

Хто і куды скіроўвае
Хмурынкі неспадзеўныя?
Плывуць, як папяровыя,
Інструкцыі залеўныя…

I ўсё ж, нарэшце, хлынула,
Ушпарыла, зацокала!
Бяжыць сухмень палынная,
Ратуючыся ўцёкамі.

Над парыжэлым выганам,
Скапычаным каровамі,
Вясёлка шлангі выгнула
I хмары напампоўвае.

Дажджынкі, як астрожнік, я
Лаўлю, сабе не верачы,
За крэску срэбра кожную
Хапаюся аберучкі.

Смяюся – і хапаюся –
Тапельцам за саломінку.
З дажджом перамаўляюся
Па навальнічным слоўніку.

Ліецца і струменіцца
Вадзіца выратоўная,
П’е выган і аселіца,
Звіняць капытцы поўныя!..

Глыні з таго капыціка,
Як брат Алёнчын некалі
У казцы, – і хоць ныцік ты,
А козлікам замэкаеш!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш У спёку - Васіль Зуёнак