Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэт праклёны слаў па тэлефоне

Паэт праклёны слаў па тэлефоне…
Які паэт? Канешне, не Гамер,
Бо тэхнікі такой ні ў Парфеноне,
Ні нават на Алімпе не было…
I Буало,
Што нам мастацтва слова рассакрэціў:
Пакінуў аб паэзіі трактат, –
Калі б пачуў: “Пракляцце вашым дзецям”,
Дар паэтычны перадаў бы птушкам…
I Пушкін
Не мог сказаць такое: перад гэтым
Спаліў бы ўсё, што выйшла з-пад пяра,
Адмовіўся б ад ліры запаветнай:
Так пра дзяцей? – якая ўжо тут муза…
I Прануза –
Бывалы франтавік, што да Берліна
Па ўлукаткі запісаных радках
Ішоў, як па крывавых каляінах, –
Закрыў бы вушы, вочы б завязаў…
А ён – сказаў…
А ён сказаў: “Пракляцце вашым дзецям:
Каб вы такое ж, як і я, спазналі…” –
Паэт, які а-ні-за-што на свеце
Не адчуваў уласнае віны…
Але – яны –
Яны – каго ён праклінаў услых?..
Яны не скажуць, хоць і знае свет:
Не дзеляцца праклёны на дваіх,
Праклёны застаюцца аднаму…
Каму?
Хай не табе, паэт…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паэт праклёны слаў па тэлефоне - Васіль Зуёнак