Верш Лыч і кліч
Рой і род… Раіцца і радзіцца.
Мёд і рот… Збіраць і спажываць.
Рой і мёд – ні крыку, ні амбіцый.
Нам бы так – ад зерня да жніва…
Толькі штосьці ў чалавечым родзе
Усё інакш: дзе мёд – глядзіш, і мот
Крылы разгарнуў, і на выгодзе
Сто ратоў злілося ў хіжы рот!
На калені ставіцца сумленне,
Да карыта стольнага паўзе,
Следам прэ нашчадкаў пакаленне
I навуку бацькаву грызе.
Похапкам старога пераплюнуць –
Рыцары кар’еру здабываць.
I пачне столаначальнік юны
Капытом пячаткі адбіваць.
Ледзьве не з пялёнак – у эліту,
Да размеркавальніка кармоў, –
Ад лычоў гайдаецца карыта,
I гудзе трыбуна ад прамоў.
А калі спытаць – аб чым прамовы? –
Тут жа засмяюць, як цемнату:
– Ты не чуў? – гукнуць. – Перабудова!
То збівай ідэі на ляту!..
Абагнаны парасячым статкам:
– Вось я і на пенсіі, лічы, –
Усміхнецца кіраўнічы татка
I прашэпча: – Па харчы, лычы!..
Сунецца ў аўтамабіль фартовы
Задам, быццам у дупло мядзведзь, –
Трэба паспяшаць: з перабудовы
Прыбудову цёплую займець!..
Лыч і кліч – з’ядналіся ў хаўрусе, –
Вось дзе край – Жыві-не-памірай…
Кажуць, не дзяцей прыносіць бусел,
А пасады ў гэты штатны рай…
I вісіць – як цяжар шматпудовы –
Гнёт пытання – і ўначы і днём:
Трэба пачынаць перабудову –
Трэба, – а з каго, аднак, пачнём?..
Чаго мне лезці ў д’ябальскі натоўп,
Што прэцца на дзяльбу чыноў і славы?
Я толькі Ной, што ў атамны патоп
Ратуе слова продкаў ад расправы.
Імчацца наабгонкі стрымгалоў?
Не той узрост і не ў маёй натуры.
Бяжыце, забівальшчыкі галоў,
У браму прызавой футбалатуры.
“Мазіла!”, “Пас!” – балельшчыкі крычаць,
З трыбун крытычных патрабуюць: “Шайбу!..”
А словы ціха да майго пляча
Злятаюцца з нямой, сусветнай жальбай.
Сядаюць парамі – ад кожнага гнязда:
На радавод, для будучых узлётаў.
Адна надзея ў нас, адна бяда:
Нам трэба выжыць. Іншае – на потым.
I я шапчу: “Трымайся, мой каўчэг…”
Гукаю словы будучага сказа:
“Збірайцеся з-пад шатаў і з-пад стрэх.
Калі патонем, то, напэўна, разам…”