Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш З пляжаў Фларыды

Быццам ты апынуўся на чужым фотаздымку.
сонца скача па галінах аблокаў, як жоўтая малпа.
у вадзе – дзеці – будучыя манархі,
сьмеючыся, пазначаюць сваю тэрыторыю.

Пляж цячэ, як разьліты мёд, і хвалі
пускаюць сьліну і аблізваюць бераг,
на вадзе – хлопчыкі – будучыя магі,
пэндзлікамі між ног малююць сонцы.

Толькі захлынуўшыся, ты разумееш,
што ўся соль зямлі – у акіянскай вадзе,
што рыбы
ў прыроднай валюце – дробная манета,
якую няцяжка здабыць, ня тое што птушкі –
папяровыя грошы, якім усё дазволена.
яны нават вецер паставілі ракам
і па яго сьпіне спускаюцца да вады,
і там пакідаюць вадзяныя знакі.

Ты зьлізваеш з вуснаў салёны мёд,
і паветра прыліпае да насьліняўленай скуры
і курчыцца на ёй, як у павуціньні муха.

У вадзе – дзеці – нашчадкі малпаў
бессаромна мочацца на люстэрка Бога.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш З пляжаў Фларыды - Вальжына Морт