Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спёка

Паветра трымціць
Над кустамі, над лугам;
Стаіўся дзяркач у асоках,

Павіснуў каршун
Пад нябачаным кругам –
Спёка.

Паглядваюдь коні
На грудзе мурожным,
Што цені кароткія збоку.

Касілкі ускінулі
Крыллі трывожна –
Спёка.

Прыселі касцы
На апошнім гектары
Спачыць пад вярбой высокай

I шапкамі пот
Выціраюць на тварах –
Спёка.

А сена так пахне,
Хоць чай ты заварвай
З яго пад бусліны клёкат.

I кнігаўкі плачуць,
На рыжых выгарах –
Спёка.

Падняўшы галовы,
Стагі зазірнулі
Увысь – ці няма аблокаў?

I ў люстра ракі
Разам з сонцам нырнулі –
Спёка!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Спёка - Уладзіслаў Нядзведскі