Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вясна на плошчы Маякоўскага

Вялікі горад
Высвеціла сонца,
“Высотак” шпілі
Зіхацяць над ім.
Хоць зрэдку
Сіверыць яшчэ
Блакітны
Паветра яснага
Бязмежны акіян.

Дублёнкі спяць
На вешалках ікластых.
Шарэе айсберг снегу
На двары.
Красуні
Зацягнуліся ў скуранкі,
Стрыгуць гарэзнымі вачыма
Дзецюкоў.

Відаць, шпакі шматлікія
На дрэвах
Спяваюць гімны
Сонцу і вясне…
Ды іх тут, як ні пніся,
Не пачуеш:
Раве,
Растузаны маторамі,
Сусвет.

Сатыраў маскі
Плачуць і смяюцца.
Змяя чаргі
Забэрсвае тэатр.
У ёй таўкуцца масквічы
Ад рана,
Каб праўдзе
Проста ў вочы паглядзець.

На люднай,
Гулкай,
Светлай Маякоўцы
Па-за паэта моцнаю спіной
У класіках
Нязбыўнага дзяцінства
З дзяцьмі заўзята скачуць
Іх бацькі.

Шырэй – усмешка людзям,
Ча-ла-ве-кам!..
Глыбей –
Крыніца шчырасці ў душы!
Надзеі
Птушанятамі ўзлятаюць,
У вырай радасці
Крылатыя імкнуць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Вясна на плошчы Маякоўскага - Леанід Яўменаў