Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Жніво ў Зарэччы

Па-над вёскай ціхі ранак,
Нізка сцелецца туман,
Выйшаў Філімон на ганак,
Спаражніўся у бур’ян.

Спаў, ці не, пара хмяліцца,
Ды работу пачынаць,
Бо ўсё мроіцца і сніццца –
Трэба збожжа убіраць.

На мехдвор Віцёк шыбуе,
Боты, шапка, ўсё як ёсць,
Толькі сушыць і свідруе
Ўсё нутро на тую злосць.

Быццам нават не гарэлку,
А бензін учора піў.
Так здаецца б з лёдам грэлку
Да макітры прыляпіў.

Вочы – не свае, чужыя,
Неяк не туды глядзяць,
Ды такія ўжо пустыя,
Што нічым не перадаць.

Ў галаве звіняць цымбалы,
Цім-ці-лім і бом-бом-бом,
Перабраў мужык атравы
За хмяльным дурным сталом.

Ды які там стол на полі,
Селі за камбайнам, п’юць,
І ў такім ліхім раздоллі,
Плёткі розныя нясуць.

Быццам старшыня да Машкі
Зноўку ездзіў пад абед.
Ўзяў цукерак, хмельну пляшку,
Сеў у “Волгу” і прывет!
Ну, на то ён прадсядацель,
І на тое ўжо мужык!
Спраўных дзевак абаяцель,
Ведае іх кошт і лік.

А ў нядзелю сярод храма,
Ўжо са свечкай у руках
Боязна стаіць і прама,
Глянеш – ну, святы манах!

Бацюшка яму старанна
За паклонам б’е паклон,
Так вялося пастаянна,
Так ужо у нас спакон.

Возьме попік наш ахвяру
На машынку, на рамонт,
І нясе яму даляры
З прывілеямі бамонд.

Ладна, ўсё было учора,
П’янка, плёткі і бардак.
Выпіў бы, здаецца, мора,
Так даняў Віцька сушняк…

Вось мехдвор, на ім машыны,
Трактары, усякі хлам,
За дваром хлявы, адрыны,
Гразь з навозам папалам.

Дзесь рыкаюць ўжо каровы,
Стась на выгане раве,
Пугай ляпае сурова,
І надрыўна глотку рве.

Ведама, такая ж справа –
Ў карты ляпаў, перапіў…
Самагонцы нашай слава!
Ганьба тым, хто не наліў!
Ну, дайшоў. Стаяць камбайны,
Неяк роўна так, аж смех.
Маюць выгляд зграбны, файны,
Словам, не заўважыць – грэх!

Ну і што, што ім пятнаццаць,
Дваццаць і вышэй гадоў,
Меней трэба думаць, братцы!
За штурвал і будзь здароў!

А пакуль “Эс Ка” заводзіць,
Трэба наматаць пускач,
Клапаны папераводзіць,
Закурыць, разгрэбсці срач.

Тузануць на што ёсць сілы,
Мацюгнуцца, даць нагой,
І матор зальецца мілай,
Звонкай песняй дарагой!

А тады ўжо на запраўку
Трэба ехаць па чарзе,
Заліваць у бак салярку
Пры шумлівай грамадзе.

А як крышачку ад’едзеш,
У каністру шланжык шасць!
Старшыню здалёку згледзіш,
Ды ніхто ужо не здасць.

Літраў сорак на загонку
Падрыхтуеш для сябе,
І тады ўжо самагонку
П’еш за кроўныя свае.

Дружна йдуць, гудуць камбайны!
Па дарозе – магазін…
Тут затарацца звычайна.
Як жа чым? Вядома чым!
І настрой ужо палепшаў,
Сонца глянула ярчэй,
На бутэльках словы вершаў
Запрашаюць піць хутчэй.

Назвы – проста захапленне,
Светлай лірыкі прамень!
Што не слова – то натхненне,
Сэрца радасны агмень!

Тут “Вясёлая кадрыля”,
“Незнаёмка” і “”Палёт”,
“Восеньскі букет” , “Марыля”,
“Бенефіс” і “Патрыёт”.

“Беларускія напевы”,
“Панскае” , “Магнат” , “Успех”,
“Дачнае”, “Амура стрэлы”,
“Брыганціна”, “Звонкі смех”…

Бачна зразу, спіртзаводу
Трэба штатны свой паэт,
Каб на кожную нагоду
Асаблівы быў куплет.

Адступілі? Выбачайце,
Не мая ўжо тут віна,
Нехта крыкнуў – налівайце!
Асушылі ўсё да дна…

Як уз’ехалі на поле,
То былі гатовы ўсе.
Ну а тут ужо прыволле
На нязжатай паласе.

Нібы мора поле ходзіць,
Вецер хвалі гне над ім,
Ў гэтым годзе жыта родзіць,
Будзе хлеб наш неблагім.
Зараўлі грамчэй маторы,
Барабаны, шнэкі ў бой,
Матавіла пераборы
Жыта сцеляць пад сабой…

“Нівы”, родныя камбайны!
Дарагі наш “Ростсельмаш”!
Беражыце свае тайны,
Падтрымаем выгляд ваш!

Дзе падляпаем, падмажам,
Дзе падладзім, падаб’ём,
Пад капніцелем прыляжам,
Шкіў манціркай крутанём.

Так, ці не, ідзі па збожжы,
Наш савецкі агрэгат!
Ведаем, што добра можаш
Хлеб сабраць на добры лад.

Едуць, поле абжынаюць,
А за імі йдуць буслы,
У іржонні выбіраюць
Колас выбіты, пусты.

Ўсё б нічога, але ж поле
Парасло беразняком,
На ускрайках пустаголле
Добрым стала шатрахом.

І адзін з камбайнаў нашых
Не пайшоў на разварот,
А бярэзнік стаў шарашыць,
Газануў і упярод!

Гэта быў, вядома, Філька,
Захмялеў зусім, бядак.
Разагнуў на жатцы вілкі
І малоціць беразняк!
Словам, лесанарыхтоўкі
Ўжо пайшлі замест жніва.
Так дарэчна, гладка, роўна,
Проста глянуць любата!..

У капніцелі дрывотня
Праз хвіліну ўжо была,
Тузала камбайн рвотна,
Дыр-дыр-дыр і ўсё, хана!

Стала “Ніва”, ў пень упёрлась,
Задыміў яе матор,
Толькі кола яшчэ цёрлась
І прасілась на мехдвор…

Філька спіць, падбеглі хлопцы,
Заглушылі ўсё, як след,
Шахнулі яшчэ па сотцы
І прывезлі ім абед.

Праз гадзіну сак прыехаў,
І запчасці ўжо былі,
Абуха звінела рэха,
Ўсё зрабілі, падмаглі.

Надыйшоў спакойны вечар,
Поле зжата, дзень прайшоў,
Толькі ныла ў Віцькі печань,
І капніцель поўны дроў…

Ну а так, назаўтра зноўку
Будзе поле і жніво,
Тая самая ватоўка,
Тое самае пітво.

Што казаць, жыццё такое,
Філасофія адна.
Дзе што здарыцца ліхое,
Ведай – гэта з бадуна!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жніво ў Зарэччы - Уладзімір Мірончык