Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове






Верш Жніво

…і ўсё бы добра,
каб не нажы па тонкіх хвалях,
не чэмпіёнскія медалі –
бо мне казалі,
што не прыдумалі герояў,
што не бываюць іглы ў шкарлупінні мрояў.
ды ўсё бы добра,
каб не я.

Мне абяцалі,
што мёртвым ужо зусім не страшна,
што горшы лёс ім недасяжны,
што трэба бегчы,
што не злічыць сваіх хвілін,
і бачыць сны пра недапіты кафеін –
мне абяцалі,
што не я.

Хлусілі,
мне часта хлусілі,
а я на веру браў іх словы.
перакананы быў, што клёва
бегчы восенню,
збяднелай восенню
па лесе, па палях, направа,
наўпрост праз горы снегу і праз травы…
куды прыйшоў?

Дажджы пануюць.
мокры асфальт – у адбітках фар.
сканаў рэлікт цябе – ліхтар.
машына часу,
вязі наперад сотні міль,
каб маім “ля” зайздросціў з неба містар Хіль!..
дажджы пануюць,
а не я.

Вярніся, стрэл!
мой пісталет даўно ў іржы,
забылі пра мяне віжы…
у пляшцы – спеў.
на Марсе распусціўся бэз,
а мой аповед стаў жнівом для тысяч п’ес.
вярніся, стрэл! –
вярнуўся я.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жніво - Ігар Палынскі
 »