Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Конь і Жаба

На станцыю калгасны старшыня
На Вараным імчаўся:
Спазніцца на цягнік баяўся,
Таму і паганяў каня,
Хоць Вараны і сам стараўся
I брычку вёз,
Што толькі колы тарахцелі. –
Конь спраўны быў, у целе.
Направа ад дарогі рос
Авёс,
Налева – памідоры спелі.
Затым дарога павярнула ўбок,
Да новага мастка, праз кукурузу.
I трэба ж здарыцца было канфузу!
Ледзь толькі Вараны ускочыў на масток.
Зрабіў адзіны крок
I… спатыкнуўся.
Але ён тут жа схамянуўся
I так панёс і брычку й седака,
Што ажно пыл паплыў па полі.
“А я не спатыкаюся ніколі, –
Сказала Жаба з-пад мастка, –
Хоць так жа, як і ён, я маю
Чатыры гэткія ж нагі.
Не, не – работнік ён благі,
Ніхто яго са мной не параўнае”.
“Заладзіла, – сказаў абураны Барбос. –
Ну спатыкнуўся ён, але ж павёз
I давязе да месца брычку.
Вось даць бы пстрычку
Табе ў зялёны нос!
Маўчала б ты ужо, навошта выхваляцца,
Іначай і не можа быць, –
Бо хто не бегае, а так, як ты, сядзіць,
Таму не дадзена і спатыкацца”.

На жаль, і так яшчэ бывае.
Сапун сядзіць, на іншых наракае:
Прамашка ў гэтага, памылка у таго…
Усё яму нядобра, слаба.
I толькі ўсё ў парадку у яго.
А ў працы ж сам – не конь, а жаба.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Конь і Жаба - Уладзімір Корбан