Верш Асёл і паравоз
Асёл надумаўся спыніць цягнік.
Рашуча узышоўшы на чыгунку, –
Бо варушыць мазгамі не прывык, –
Ён павалокся ў тым кірунку,
Адкуль з’явіцца мусіў рухавік.
Ідзе й аб выніках не разважае.
“Куды ты прэшся, галава дурная! –
Сказаў сявец яму з травы. –
Ці ж тут асліная дарога?
Каціся з рэек на аблогу,
Пакуль не страціў галавы”.
Але ж, ну хто упартасці аслінае не знае? –
Ён заўжды ўспрэцца напралом,
Не толькі словам, нат калом,
Яго ніхто ніколі не стрымае.
Вушамі страсянуўшы над ілбом
(Сяўцу паверыць розуму не стала),
Ён лёг на шпалы,
Між рэек на пуці.
“Цяпер тут паравозу не прайсці! –
Варона каркнула вароне, –
Ну й маладзец асёл! Ну й зух!
Спыніў адразу рух
На цэлым перагоне”.
І толькі каркнула, як раптам паравоз
З-за лесу выглянуў імкліва.
“Ну зараз ён зайграе пад адкос!” –
Кугукнула сава. Але, надзіва
Драпежнікам усім, магутны рухавік,
Агнём шугаючы, рашуча
Набегшы на асла, пад кручу
Не загрымеў: пад пераможны крык
Ён так разнуў асла, што толькі скура
Кавалкамі павісла на сасне,
І паляцеў далей на ўсход, як бура.
_____________
Аслы, што ў яве і ў сне
Імкнуцца здуру
Спыніць камуністычны рух,
Абавязкова згубяць свой трыбух
І скуру.