Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Страх

Страх – гэта няпройдзеныя дзверы.
У праёме невядомасці – змрок ашчэрыўся зверам.
Выматваюць нервы, высмоктваюць сілы
Жудасці вілы*.
Дзідай упёрся ў спіну пагляд.
Страшна спыніцца і азірнуцца назад,
На дзверы.
Страшна сустрэцца з насмешлівым позіркам звера
Вачыма.
І зусім немагчыма,
Немагчыма, а трэба,
Каб не засціла неба,
Павярнуцца да цемрадзі
Тварам
Дый пазмагацца з гнятлівым цяжарам.
Адолець дрыготку ў каленях і…
Уперад,
Хадою пантэры.
Крок праз парог – перамога.
Трубіць адбой хрыплы рог.
За спінаю грукаюць створкі з размаху.
І болей
Ні змроку,
Ні звера,
Ні страху.
Нічога.
Да далягляду прастуе дарога.

___
*Вілы – (арх.) кругі

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Страх - Уладзімір Чараўхін