Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хоць і сцвярджаюць так

Хоць і сцвярджаюць так, не верце,
Што раўнадушша існуе!
Ўсё прапускаецца праз сэрца
І ўсё да сэрца дастае.

І да каменнага, за тлустам,
І да трапяткага, ў агні…
Як не бывае ў сэрцы пуста,
Так не ўтрымаеш там хлусні…

Яно заўсёды праўду знае.
І дзе дабро яму, дзе зло
Так дасканала адзначае,
Ў якіх бы ўмовах не было.

Хай твар за маскай застанецца,
А вочы можна апусціць,
Але ж не вынуць радасць з сэрца,
Ды і самоту не ўдаліць.

Ў ім існуе і боль, і шчасце,
Жыве нянавісць і любоў…
Не разарваць яго на часткі,
І апасля не склеіць зноў.

Хай нават розум і сцішае
Біццё сардэчка, пульсу грук,
Але пачуццяў не стрымаеш,
Як не круці жыццёвы круг.

За нашым знешнім раўнадушшам
Схавана тое, што баліць,
Бо ў сэрца вочы ёсць і вушы,
Што немагчыма зачыніць…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Хоць і сцвярджаюць так - Таццяна Дзям'янава