Верш Казачка пра зязюлю
А вы такую казку чулі?
У дальнім лесе ў даўні час
Жыла-была адна зязюля.
Вось пра яе і будзе сказ.
Яна гарэзай-весялухай
Між іншых птушачак расла,
Але бацькоў сваіх не слухаць
Яшчэ з маленства пачала.
Што ні гавораць ёй – не чуе.
Час не марнуючы ў гняздзе,
Дзе хоча лётае, начуе,
Жыццё разгульнае вядзе.
А прыляціць – усё сваволіць,
Трасе какетліва хвастом
І, абскакаўшы жвава голле,
Ізноў кідае родны дом.
Так лета, восень прамільгнулі,
Зіма… Вясна пчалой гудзе…
Ў пачатку ліпеня ў зязюлі –
Ужо нашчадак у гняздзе.
Заўжды галодны, жаўтароты,
Разявіць дзюбу – і пішчыць…
А гора-маці не ахвота
І чарвячка яму злавіць.
Зязюля сораму не мае.
Ну што ёй звод птушыных норм!
Яны сыночка падкідае
Ў гняздо чужое – на пракорм…
І з той пары зязюля яйкі
Хавае ў гнёзды іншых птах.
І гэта – праўда, а не байкі!
Ужо так склалася ў вяках!
Але жыццё, як дзень, згарае.
Няўмольны час абтрос галлё.
Зязюля – хворая й старая –
Шукае дзіцятка сваё.
Шукае, кліча… У наўколлі –
“Ку-ку! Ку-ку!” – і цішыня…
Дранцвее лес, нямее поле…
“Ку-ку! Ку-ку! Дык гэта ж я!”
Вось так і гойсае па свеце:
Крычыць то ў тым, то ў тым баку.
Ды свет маўчыць. І толькі вецер
Разносіць сумнае “Ку-ку!”
30.03.2011