Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вішня

Ад ласкі сонечнай стамлёная,
Цяжкая ад зямных шчадрот,
Галінка з вішнямі чырвонымі
Перахілілася праз плот.
Дождж сыпануў, ліпнёвы, цёплы,
Гарачы пыл з лістоты змыў,
I пасяліўся ў кожнай кроплі
Вялікі свет.
А з ім – і мы.
Гарэлі ягады спакусныя
Пудлівым полымем пакут…
Як я сачыў за тымі вуснамі,
Што цалавалі спелы цуд!
Зямля плыла…
Куды?
Ня ведаю…
Гайдаўся неба вечны звон –
То гуў вясельнаю бяседаю,
То закалыхваў, нібы сон…
А лёс – сваёй, чужою воляю –
Вузлом завязваўся такім,
Што і цяпер расцяць ня здолееш,
Хоць мучайся над ім вякі.
Ды мне за часу перагонамі
Так лёгка ў сэрцы берагчы
Галінку з вішнямі чырвонымі
На сарамяжлівым плячы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вішня - Сяргей Законнікаў