Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вея

Вея шукае
Забытыя сцежкі,
Кожную з іх не міне…
Словы прыходзяць
Жадана і ўсцешна:
“Дзякуй табе за мяне…”

Дзякуй табе
За лясныя азёры,
Дзе заблукала лыжня,
Дзе нашай радасці
Дзіўную змору
Выпіла ўсмак цішыня.

Лёс праз гады
Шмат спазнаў і агораў…
Самай найлепшай з навін
Снег малады
Ты паклікала ў горад…
Дзякуй за ціхі ўспамін.

Снег будзе доўга
Кружыцца,
Сваволіць,
Як і тады – трапяткі.
З ім у суладдзі
Вышэйшая воля
Шчодра дыктуе радкі.

І не бяды,
Што настрою лірычнасць
Хутка парушаць няўзнак
Першым сігналам сваім
Электрычка,
Стукам глухім таварняк.

Чуйнаму сэрцу
Снежна, світальна…
Ты страпянулася ў сне.
Вушка падстаў,
Мой анёл ратавальны:
“Дзякуй табе за мяне…”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вея - Сяргей Законнікаў