Верш Без Нас
Стагоддзямі наш край трымалі ў палоне,
Сціскалі ў кулаках, вялі за звонкім горанам,
Грымотай пранасілася галеча ў кожным доме,
А мова беларуская ляцела людскім стогнам.
І просты чалавек з упэўненасцю ў сэрцы
Пранёс чырвона-белы сцяг за прадзедаў, бацькоў,
Што кроў за іх пралілі, каб гледзячы ў люстэрка
Ён бачыў не смаркаты люд – свабодных змагароў!
А хто іх зараз памятае?… у іх ёсць свае клопаты:
Каму даляр купіць патрэбна, каму гаваруноў зняволіць,
Каму АЭС пабудаваць, каму маршыраваць, як робаты,
Бо моцы ім хапае, каб стагоддзе пераадолець…
Дратуе лысы зброд па вуліцах паміж “хрушчовак”,
Зліваецца ў адзіны колер – у дзяржаўна-шэра-сінім стыле…
У дварах збіраюцца пачвары ў некалькі тусовак,
А добрым, чыстым людзям нават пляскаць забаранілі.
Пад беларускімі нямоглымі нагамі няма падмурку,
Наша падлога – гэта косці, кроў, павага “усіх Іншых”,
Хто біўся за братоў, каханую і Бога… і ім няма рахунку,
А люд ганебна страціў волю, прыняўшы ўсіх лішніх…
Тулімся ў завуголлі, у самотнай адзіноце,
Ганьба, агіда прозвішча – рабоў Рабы-нашчадкі,
Галовы звесіўшы, сціскаючы свабоду слова ў роце,
Без Нас гісторыю стваралі, без Нас ідзе жыццё краіны-маткі!
26 кастрычніка 2011