Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ціха, ціха

Гэтак ціха-ціха на Зямлі,
Маладзік у небе дагарае,
Бальшакі сумёты замялі,
I снягам няма канца і краю.

Цішыня заводзіць часта ў зман:
Толькі слухай сэрцам, а не вухам,
Як не ціхне Ціхі акіян,
Як далёкі востраў стогне глуха,

Сэрца,
Як дакладнейшы радар,
Задрыжыць ад болю і ад стомы,
Бо далёка бомбавы удар
Крышыць стрэхі з рысавай саломы,

Паміраюць недзе юнакі –
Маладзік у зрэнках дагарае.
Сталі сёння пеклам бальшакі,
Што здаліся ўчора светлым раем.

Каб пажары ў свеце патушыць,
Мы ідзём праз пекла і бураны,
Бо яшчэ на сэрцы і ў душы
I свае не запякліся раны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ціха, ціха - Сяргей Грахоўскі