Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Масква-Брусэль

Мая зямля-матуля, раскажы,
Чаму тысячагоддзі твой народ
Раскрыжаваны лёсам на крыжы –
Рукой на захад і рукой на ўсход?

Ці будзе храм на раздарожжы тым?
Дзе нам рабіць памежныя равы?
Маліцца нам, скажы, якім святым
На ростанях касцёла і царквы?

А як жагнацца: леваруч на ўсход
Або на захад праваю рукой?
Ці будаваць асобны нейкі стод,
Адрозны, хай нягеглы, але свой?

А як цябе, гаротную, абняць,
Калі далонь працятая цвіком
І не адняць ад крыжа галавы?

І цягнікі чужынскія ляцяць,
І наша гора едзе цягніком
З Масквы ў Брусэль, з Брусэля – да Масквы.

12.06.12

Ajsa


Верш Масква-Брусэль - Святлана Куль