Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Цётка

Скрыпка грае – сэрца замірае
I лучынка свечкаю гарыць…
Гэта гранне чуюць ва ўсім краі,
Гэта свечка – зоркаю ўгары.

Цёткі Алаізы скрыпка грае.
Цётчына лучынка так гарыць…
Гэта гранне, быццам дакарае,
Гэта зорка – іскраю зары,

Беларусь, тваёй зары свабоды.
Цётчын на свабоду помнім хрэст:
Стань жа беларускі люд народам!
I калі ўжо будзе гэты фэст?!

Ведаем мы ўсе: не цётка голад.
Цётка, дзякуй Богу, ёсць у нас.
Міласэрдзя нам сястра яна.
Сонца перад ёй схіляе голаў…

Некалі нябёсы ўсе раззорыць
Роднай Беларусі час удач…
Ў памяці ж не знікне кроў з разораў
I чуваць над імі скрыпкі плач…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Цётка - Станіслаў Валодзька