Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Аднаасобнік

Аднаасобнік бацька мой
Асобай быў,
Заўжды руплівы,
Не расхалоджваўся й зімой
Дар не здарма меў асаблівы.

Ён аднаверац, адналюб,
З прыродай цалкам аднадушны,
Душою добра чуў зямлю
І быў душы сваёй паслушны.

Хоць пад сабою часам ног
Не чуў, а часта чуў – гудзелі,
Затое сонцу ў вочы мог
Зірнуць без сораму.

Глядзелі
З павагай зоркі на яго,
Калі парой вяртаўся ў ночы,
Нібыта вочы даўніх год,
Як быццам будучыні вочы.

Аднаасобнік бацька мой
Зямлі меў колісь чвэрць валокі.
Як арэндатар сёння той,
Жыў не без клопатаў нялёгкіх.

Аднак меў шчасце адчуваць
Гаспадаром сябе сапраўдным,
Удачы слодыч прадчуваць –
І спорна йшла работа, спраўна.

Зямля, як пух, была – ўрабляў,
Ды не адным зямным жыў хлебам. –
Так пухам будзь яму, зямля,
Душы ягонай дай, Бог, неба!

Чый дух і непагадзь не гас,
Што ад дзядоў яму дастаўся:
Цягнулі-гналі у калгас, –
Аднаасобнікам застаўся!

Калектывісты рэй вялі:
Каб ён прыйшоў да іх “адзінства”, –
Пятнаццаць сотак адвялі
З гародам разам і з дзядзінцам!

Ды ўсё ж было аж млосна ім –
Што мы калгасніцам удовам
Сваёй сяўбой, канём сваім
Садзілі бульбу напалову;

Што бацька ўсцешаны вясной,
Час даганяючы таропкі,
З канём на пару тыдняў зноў
Ў Вілейку ехаў на заробкі;

Што водар мёду ў нас пры ўсім
Чуваць быў – пчолкі памагалі,
Якія быццам мала сіл,
Цярпення, ўмення вымагалі!..

І нам падаткі паднялі,
Каб мы паклалі ўсё, што мелі
І разлічыцца не маглі,
А самі як і ў посце елі!

Трывожна гляну праз гады
І, нешматдзетны сам, здзіўлюся:
Як у нішчымніцу тады
Ў бацькоў чацвёртым я з’яўлюся?!

Хоць боль сціскаў – ды адпускаў:
Дзіцяці ручкі, слоўцы – лекі,
І бацька рук не апускаў,
Бо на руках быў я маленькі.

Любіў ён, помню, паўтараць:
– Бог бацька наш, яго мы дзеці,
Сабе не будзем патураць –
І Бог не дасць свіням нас з’есці!

Не дасць жа Бог і змахляваць,
Што смагі мы ўжылі не мала:
Ў такіх хмызах пасенаваць –
Дзе, пэўна, й смерць касу ламала!

Не кветку радасці не раз
І я знаходзіў кветку жалю,
Калі на подсціл у запас
Мы ў гаі папаратнік жалі!

Было: мы ў хату – і да нас
Агент Сакевіч з мінай пышнай:
– Плаці нядоімку, інакш
Твайго каня ў калгас запішам!

Вялікдзень меўся быць, калі
Агент і мажны участковы,
Ў нас, акт саставіўшы, ўзялі –
І, дзедам зробленыя, колы!

Век не забыць мне тога дня,
Як і Праблемы – брыгадзіра,
Ў якога нашага каня –
Прывесці дроў – прасіць хадзіў я!..

Што бацька збіты – бы ў палон, –
Чакалі: ім здавацца пойдзе,
А ён – прыродзе на паклон –
Збіраць крываўнік, лекаподзій!..

Хоць нарыхтоўшчыкі маглі
І прыхітрыць, ды ўсё ж падмога
Была нам, хоць тады й былі
Расцэнкі меншыя на многа.

– Аднаасобнік Віктар быў –
Дагэтуль помняць – слову верным…
– А як ён коніка любіў!..
– Свой крыж нёс цяжкі неймаверна!..

– Чаго ты ўпарцішся яшчэ?.. –
Радня ўшчувала – шкадавала.
Ён ведаў сам: было б лягчэй –
Скарыцца ж – гордасць не давала!

І перамены ўсё чакаў,
Што розум прыйдзе зноў да ўлады,
Што дасць яму у добры час
Сваю зямлю вярнуць да ладу!..

…Журбою бацькавай – мая
Душа напоўніцца часамі:
На паэтычнаў ніве я –
Аднаасобнікам таксама!..

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Аднаасобнік - Станіслаў Валодзька