Верш 25 чэрвеня 1944 г
Ax, колькі ў зрэнках пораху і сіні
Праграмыхаў і – пакаціўся фронт,
I ты – збавіцель – прамільгнуў з усімі,
Свой жаркі крок панёс за гарызонт.
I на зямлі разгойданай – на хвалях
Аранжавых грымот, што засцяць свет, –
Ва ўздыбленых зямліста-чорных далях
Я бачыў твой імклівы сілуэт.
Ад гулкіх трас нябёсы ружавеюць,
Бягуць байцы – ланцуг за ланцугом,
I душна крылы плашч-палатак веюць –
Для ворага смяротным халадком.
На грэблі ўзгорка, не абцёршы твару,
Прыстояў – кулямёт на перавес, –
I ўслед табе, прыўстаўшы ад удару,
Абтрос галіны сонечныя лес.
Гусцей татуіровачнай наколкі –
Варонкі. Смерць – міне ці не міне?
I – даляцелі дымныя асколкі
Да яблыні, дзе ты абняў мяне.
Адно імгненне – што б аддаў за вечнасць!
Ты быў са мной, запылены зусім,
А мне вярнуў любоў, і чалавечнасць,
I чысціню зямную – назусім.
I, чуючы, што бітва цябе кліча
Туды, дзе ўсталі выбухаў слупы,
У вочы я забраў тваё аблічча,
Якое бачыць буду і сляпы.
Праз столькі часу – сярод зборышч людных
Цябе шукаў я, прывідны бадай:
Ці ты жывы, ці ты – сярод адсутных? –
З’явіся сам ці голас мне падай!
Хай буду думаць аб жыцці і хлебе,
Душой адданы вогненным гадам,
Твой светлы вобраз напішу на небе
I – назаўсёды сыну перадам.