Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш А што я пажадаць маю?

Колькі вякоў у Кітаі
Кожны сабе жадае
Нарадзіцца і жыць ў Ханчжоу,
Харчавацца ў Гуанчжоу,
Ажаніцца ў Сучжоу,
Паміраць у Лючжоу.

Адпаведна ў Ханчжоу
Лагодна і плодна.
У Гуанчжоу
Не бедна і не галодна,
У Сучжоу дзяўчаты,
Як ветру павевы,
А ў Лючжоу багата
Камфорнага дрэва,
З дрэва камфорнага дамавіна
Доўга захоўваць цела павінна.

Паўтараю ў Кітаі,
Меркаваць бяруся,
Што я пажадаць маю
Сабе і сябру ў маёй Беларусі?

Нарадзіцца і жыць па-людску
У Слуцку,
Харчавацца ў Белавежы,
Дзе ежа свежа,
Ажаніцца ў Полацку,
Каб ад палачанкі
Аблізвацца, як ад мачанкі,
Было,
Да чарнобыльскай эры
Так было пажадана.
І на вечны спачын –
Толькі б не рана! –
Адыходзіць
У зямельку, некалі шчырую,
Можа паўсюль-такі –
Радыяцыя на вякі
Забальзаміруе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш А што я пажадаць маю? - Рыгор Барадулін