Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Размова з Ду Фу

Чытаю кнігу, за страфой страфу.
Пытаюся – адказвае Ду Фу.

– Скажы, Ду Фу, навошта п’еш віно?
– Забыцца памагае мне яно.
Душа мая пакутуе, рыдае,
не знойдзеш зараз радасці ў Кітаі.

– Навошта ўзяўся за пяро, Ду Фу?
– Каб выказаць свой боль, сваю тугу.
Нялёгка рэкам мутным плыць да ўсходу.
Яшчэ больш цяжка жыць майму народу.

– Ці выкажа ўсё іерогліф твой?
– Што бачу я вакол сябе! Ой, ой!
Блукае ўсюды смерць. Лютуюць банды.
Галодным замест хлеба – барабаны.

– Каму патрэбен барабанны бой?
– Я спадзяюся, што не нам з табой.
Зноў ваяваць задумалі правіцель
Яны тым і жывуць – кровапраліццямі.

– Ты ведаеш, Ду Фу, вайне цану?
– Паходам за Вялікую сцяну?
Дазвольце мне, старому, усумніцца,
што трэба пашыраць камусь граніцы.

– Што бачыш ты яшчэ вакол, Ду Фу?
– Сарвала ветрам ў бедняка страху.
Юнцы смяюцца над старым з пагардай.
Няшчадна глушыць пальму куст паганы.

– А як, скажы, Ду Фу, было раней?
– Было, як помню, лепш і разумней.
Старэйшых моладзь шанавала строга.
Кармілі нават і каня старога.

– Чаму, Ду Фу, пакутуе народ?
– А хіба можа быць наадварот,
калі яго правіцелі – тыраны,
як барсы, жорсткія, тупыя, як бараны.

– А можа уладар інакшым быць?
– Калі ён будзе свой народ любіць
і будзе слухаць мудрыя парады…
Такіх не дапускаюць да улады.

– He вечныя ж, Ду Фу, тыраны, зло?
– I на дракона знойдзецца сіло.
Які б ні быў ён грозны і вялікі,
а прыйдзе час – зламае свае іклы.

– А ты прыдворным мог бы быць, Ду Фу?
– Каб дагаджаць, каб гнуцца у дугу?!
Я з голаду памру, але не буду
лісліўцам, баязліўцам, лізаблюдам.

– He хочаш пець ты на агульны лад?
– Прырода не дае такі загад.
Спявае вунь птушыная чародка,
і ў кожнай голас свой і свая нотка.

– А як бы ты хацеў, Ду Фу, пражыць?
– Свайму народу я б хацеў служыць.
Хацеў бы, як мужчына, жыць без страху,
хацеў бы акіянскага размаху…

Вось так размову мы з Ду Фу вялі.
He падзялялі нас ні дзесяць тысяч лі,
ні сотні год, ні розніца між мовамі,
ні сцены (як старыя, так і новыя).

Быў мне Ду Фу – як самы блізкі друг.
Вітаў над намі чалавечы дух.
Як брат, са мною гаварыў Ду Фу…
…Чытаў я кнігу, за страфой страфу.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Размова з Ду Фу - Анатоль Вярцінскі