Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Гэтае дрэва

Як разлагодзіла душу
Мне гэта дрэва!
На гэтым вецці калышу
Сны-неспадзевы.

Упаў на цёплую траву,
Раскінуў рукі.
О, не кружыце галаву
Мне, пахі й гукі!

Мо я не зведаў у жыцці
Уцехаў велькіх.
Пакора, мятлушкай зляці
Мне на павекі.

Хай утаймоўвае душу
Маю, о дрэва,
Твой ціхі шэлест, ціхі шум,
Святла залева.

Я не шукаю ані-ні
У ліставерці
Тваіх гадоў, тваіх планід
Сваё бяссмерце.

Сачу я ценяў лёгкі лёт,
Аблокаў пёркі.
Мой лёс зусім наадварот,
Зусім не горкі.

Яшчэ не позна па жыцці,
Па свеце белым
Зялёным ветразем плысці –
У цвеце спелым.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Гэтае дрэва - Міхась Стральцоў