Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два:
Зямля, вада, паветра і трава.
Але чаму ж, як вымаўляю іх,
Шчымліва перахоплівае дых?
Зямля –
Прытулак зла і дабраты,
Клубок расчараванняў і надзей,
Няма вышэйшай радасці ў людзей, –
Як адчуваць, што пад нагамі ты.
Вада…
Хоць я жыву на астраўку,
Над прорвай акіянскай глыбіні,
Тужу з няўтольнай смагай па глытку
Тваёй выратавальнай чысціні.
Але якім каштоўнасцям раўня –
Паветра, чым мы дыхаем штодня?
Звяры і людзі, дрэвы і кусты,
Мы ўміг загінем, калі знікнеш ты.
Пакуль з няўмольнай цвёрдасцю бетон
Бярэ планету ў шэры свой палон,
Я бласлаўляю ў ранак веснавы
Зялёны бунт, зялёны ўзлёт травы…
Я веру, што ніколі не міне
Усё, чым даражу і чым жыву.
Ці ж многа так прашу? Пакіньце мне
Зямлю, ваду, паветра і траву.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два - Пятрусь Макаль