Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слава дружбе!

Ад прадвеку, як вядома,
Праз бары,
Палі з гаямі
Нас з Літвой яднае Нёман,
Даугава – з латышамі.

Па-сяброўску,
Шчыра ў вочы
Мы друг другу ў твар глядзелі,
Ды хваліцца не было чым,
Мы аднолькава гібелі.

Бедавалі, гаравалі,
Зналі
Здзекі ды пагрозы…
З Беларусі неслі хвалі
Дзень пры дні людскія слёзы.

I з другога боку,
З мора,
Мчаўся вецер засмучоны:
Там людзей трымалі ў горы
Каты – чорныя бароны.

I не раз вялі размовы
Аб гадах цяжкіх, праклятых
Беларус,
Латыш,
Літовец
Па-над возерам Дрысвяты.

Заклікалі сваю долю,
А яна была такою –
Цемра ў небе,
Цемра ў полі,
Цемра-бездань пад вадою.

Ды не тое там сягоння –
Адышла
Бяда з гадамі,
Дзень і ноч народ гамоніць,
Гул стаіць над берагамі.

Экскаватар бездакорна
Грунт раўнуе,
Расчышчае,
Мінскі трактар возіць бёрны,
Кран дзюбасты пахаджае.

Праца дружная ў суседзяў,
Можна толькі падзівіцца –
Хто з пяском,
Хто з цэглай едзе,
Хто падвозіць чарапіцу.

Хто стаіць пры распілоўцы,
Хто з машын
Здымае грузы…
Ладзяць станцыю літоўцы,
Латышы і беларусы.

I яны,
Што назаўсёды
Думы й сэрцы паядналі,
Шчыра “Дружбаю народаў”
Гэту станцыю назвалі.

Вышай сосен
Ў хуткім часе
Закрасуе пабудова,
I не толькі ў трох калгасах
Ўспыхнуць лямпы Ільічовы.

Не над возерам адзіным
Бляскам срэбра разліюцца –
Іх праменні
Па краіне
Ў кожным сэрцы адаб’юцца.

Іх святло,
Што ярка свеціць,
Разгарацца болей будзе –
Іх святло далёка ў свеце,
Як надзею, ўбачаць людзі!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Слава дружбе! - Пятрусь Броўка