Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Слава

Хто сказаў, што слава – сонца мёртвых
Промні славы грэюць і жывых,
працавітых, смелых,
духам цвёрдых,
ёй абраных юных і сівых.

Дзесьці нехта дбае ўдзень і ўночы,
як лаўчэй ступаць, хоць пакрысе,
пад яе цікаўны зірк жаночы,
засвяціцца
пры яе красе.

Можа, нейк ён спыніць яе вока
звонам слоў, дзівацкасцю прыгод,
і яна няўважнаю сяброўкай
пройдзе з ім
і абсмяе яго.

Іншы ж – і трывогі, сны і думкі
пра сваю зямлю,
ёй на карысць –
розум, і агонь душы, і рукі, –
славы бляск затым над ім гарыць.

За такім яна і ў смутку рушыць
па шляху жалобным;
праз вякі
да яго імя схіляе ружы,
на яго сляды кладзе вянкі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Слава - Аляксей Русецкi