Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Парк піянераў у Бухарэсце

Запала гэта глыбока ў сэрца –
Навек, здаецца.
Я парк прыпомніў у Бухарэсце –
Ў прыгожым месцы.

Густы, вялізны… Цудоўных дрэваў
У ім нямала.
Адна калісьці тут каралева
Скрозь панавала.

Адна па парку яна хадзіла…
Нуда, ды годзе!
Вы гляньце толькі, хто там сягоння
Спявае, ходзіць?

Іх уладанні – бярозы, ліпы,
Яліны, сосны,
Дарожкі, клумбы, сцяжынкі, кветкі,
Палац дзівосны.

Там смех не моўкне. Там песні-казкі
Звіняць лістамі.
Вам знаць цікава, хто там сягоння
Гаспадарамі?

Такое толькі адбыцца можа
У новым свеце.
Той парк вялізны у Бухарэсце
Належыць дзецям.

Народ пабачыў – адной асобе
Той парк праз меру,
Не каралеве такі патрэбны,
А піянерам!

I піянеры растуць, дужэюць
Там год ад году –
I сувязісты, і планерысты,
I садаводы.

Майстрамі справы яны выходзяць,
Яшчэ й якімі!
Скажу вам шчыра, быў рад я вельмі
Сустрэцца з імі.

Усё, што трэба, сваімі робяць
Яны рукамі,
Яны ўжо сталі сваёй краіны
Будаўнікамі.

Іх звонкі голас жыццё ўслаўляе,
Пяе аб міры.
Прывёз я дзецям зямлі Савецкай
Паклон іх шчыры.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Парк піянераў у Бухарэсце - Пятрусь Броўка