Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дарогай салдата

Дарогай вайсковай,
Пуцінай цяжкою
Прайшоў ён дахаты
Скрозь полымя бою.
Заныла ад болю
Салдацкае сэрца –
Не выпала доля
З каханай сустрэцца.
Ні звонкага саду,
Ні светлай хаціны,
Ні доўгачаканай
Бялявай дзяўчыны.
А толькі вятры
Праімчаліся з плачам,
На вуснах пакінуўшы
Попел гарачы.
Пакляўся наш воін
Тады прад заранкай,
Што прыйдзе дахаты
Ён разам з каханкай.
З той хвілі
I днямі і ночкаю цёмнай
Шукаў ён дзяўчыну
За Бугам і Нёмнам.
Ішоў ён наперад
Са сцягам чырвоным.
Брылі паланянкі
З прыгнёту-палону
I ў дні дажджавыя,
I ў ночы-завеі.
Пытаў ён пакутніц,
Стаіўшы надзею:
– Мо бачылі Настачку
З вёскі Падлесся,
Што шчокі, як ружы,
Што вочы, як месяц?
Пакутніцы ціха
Шапталі з журбою:
– Ніводнай, ніводнай
Не знойдзеш такое. –
I шчыра казалі
Яму на дарогу:
– Спяшайся, наш браце,
Гаруе іх многа. –
I сёння мы бачым,
Як мужнай хадою
Наш воін праходзіць
За Віслай-ракою.
У месцы праклятым
Панурыя хаты…
Ён мусіць адпомсціць
Ім грозна, заўзята
За гора краіны,
За вочы дзяўчыны.
Адзіная сёння
Ў салдата размова –
Ён грукае ў сцены
Берліна сурова
I верыць, нядарма
Свяціла заранка, –
Ён вызваліць хутка
Сваю паланянку.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дарогай салдата - Пятрусь Броўка