Верш З аптымізмам
Хвост ад мышкі ноўтбука між столяй і шыяй – банальная доля слабых;
Кідаючыся з шостага –
рызыкуеш расплюшчыць ні ў чым не павіннага супрацоўніка –
ходзіць іх там да халеры;
Самазабойства – увогуле недастойная інжынера справа, дарэмная – няма дурных –
Выхаваныя людзі павінны мець уласную годнасць і пачуццё меры:
Нажаць соку з луку – і капаць у вочы, пакуль свежы,
Каб забыцца на боль у вачах – запаліць цыгарэту першы раз у жыцці –
Лёгкія навыварат, але моўчкі – дым не зарэжа,
І раскураным агеньчыкам мапу сонца на шчацэ вывесці,
На другой шчацэ вывесці мапу месяца,
Аб’яднаць адпаведныя кропкі свяцілаў спіцамі,
І пакуль яны ярка чырвоным свецяцца,
Адкалупваць пазногці ад пальцаў крывымі нажніцамі.
Ды ўсё гэта – нішто, усяго толькі смешныя забаўкі
Ў параўнанні з паcкудствам, што сёння раблю з сабой, што насамрэч адбываецца –
Ты ў двух кроках перада мной праходзіш шаснаццаць разоў за дзень,
А я моўчкі сяджу, і ні разу вачэй не ўздыму – я нікчэмнасць і працап’яніца…
Кідаць бутэлькі – высока, метраў на дзесяць, аб сценку,
І падстаўляцца пад дождж з асляпляльных аскепкаў;
Шыю абвіць далікатна чорным калючым дротам;
Першага сустрэчнага міліцыянта штурхнуць, абазваць ідыётам –
Нельга ўвесь век заставацца маральным калекам –
Зэкі ў турме навучаць жыццю, і як быць чалавекам,
Каб нападаў толькі першым, каб не стагнаў і не енчыў,
Каб З АПТЫМІЗМАМ жыцці ўсім бліжнім сваім калечыў.