Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове




Верш Першая запіска



Усё да сэрца браў я блізка.
Нішто не пакідала след,
Як тая першая запіска,
Што сэрца ўзрушыла нашчэнт.
А я чакаў яе без меры,
Яна ж марудна так ішла –
На дробным ласкутку паперы,
3 няроўных літараў была
Ад той юначае, дзявочай,
Яшчэ нясмелае рукі,-
і ў соты раз чыталі вочы
У дзень жаданыя радкі.
Я ў кніжках пісьмы закаханых
Чытаў у шмат разоў даўжэй,
Ды я быў цвёрда пракананы –
Яе запіска ўсіх складней.
Быў я пісульцы падуладны,
Але ніхто ў сяле не знаў
Як я хаваў яе ашчадна
і колькі раз пацалаваў.
Я да кахання ў час юначы
Пайшоў у першую расу –
За кожнай літараю бачыў
Сваю бялявую красу.
і быў калісьці я ў адчаі…
Што зробіш, вечнага няма –
Згубілася пісулька тая,
А потым знікла і сама.
Усё ў жыцці мінае, зменна –
Прайшло. Мінула. Адплыло…
Але й дасюль яшчэ прыемна,
Што гэта некалі было.





1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Першая запіска - Пятрусь Броўка