Верш Спарышы
Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
I пяюць на сто ладоў сініцы –
Упіліся, пэўна, ад расы.
На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап’яну гаркаваты пах.
I арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах…
Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў –
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, –
Пару запаветных спарышоў.
Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.
У яе пакоі – вокны насцеж,
I сама, як раніца, была.
“На, вазьмі сабе спарыш на шчасце…”
Ціха засмяялася, ўзяла.
Узяла і тут жа раскусіла:
“Дзякую, браточак, шчасце ёсць!”
На вяселле хлопца запрасіла:
“Будзеш у мяне найлепшы госць!”
Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.
А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе…
Ля вачэй – маршчынкі…
Шчасця мала:
Муж – гультай, бадзяецца ды п’е.
Прызнавацца сорамна і горка.
“Як тады аслепнуць я магла?
– Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла”.
Вось і ўся гісторыя…
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: “А я збярог”.