Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Інфанта

Яна ні там, ні тут, яна адгэтуль воддаль,
Бо брошкай на плячы апалены спарыш,
Бо ў рыцарскім баі загінулі абодва:
І рыцар – Белы Крыж,
І рыцар – Чорны Крыж.

Яна ні з тым, ні з тым, бо страціла абраных,
Бо іх на люты бой заклікала сама!..
Цяпер, калі няма ніводнага з каханых,
Ёй выбіраць паміж
Нялюбымі двума.

Сыйшліся ўжо яны ў турніры тэатральным –
Драўляныя шчыты, драўляныя мячы:
Як сьмешна, Божа мой!
Нібыта знак астральны,
Апалены спарыш
Дыміцца на плячы.

Усьмешкі матылёк прыкрыў апёк балючы,
Ня ўбачаць боль яе ні ў лахманах рабы,
Ні рыцары ў плашчах, падобных на анучы,
Што б’юцца за яе –
Пярэсты і Рабы.

Пярэсты перамог! Зламаўся меч Рабога! –
Як сьмешна, Божа мой!.. Яна цалуе крыж
На вернасьць аднаму, прымроіўшы другога…
Дыміцца на плячы
Апалены спарыш.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Інфанта - Уладзімір Някляеў