Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Гарадзея

Не пытаюся ў людзей я,
Дзе мястэчка Гарадзея?
Еду з Міра на Нясвіж –
Гарадзея будзе між…

Безумоўна, Гарадзея
Мне заўжды адкажа, дзе я.
Вёрст праз дзесяць і Нясвіж,
А магчыма, крыху звыш…

Ўся, як кажуць, прывілея –
Гэта назва – Гарадзея,
А прыбытак і барыш –
Спадзяванне на Нясвіж.

Тут надзея, там падзея…
Ты нязменна, Гарадзея,
Быццам сонная, маўчыш,
Бо гаворка пра Нясвіж.

Местачковай драмы дзея –
Засынае Гарадзея,
Каб не траса на Нясвіж,
Тут была б наогул ціш.

Балаголы і зладзеі,
І паночкі-дабрадзеі –
Едуць, едуць у Нясвіж,
Грукат колаў – як паспіш?

На кірмаш, на асамблею –
Абмінаюць Гарадзею.
Ну, вядома, не Парыж!
Месца ціхае, як мыш.

Я ад сораму ірдзею,
Разумею Гарадзею:
Непадзельна, як спарыш,
З пуцявінай на Нясвіж.

Пешчу кволую надзею,
Што заеду ў Гарадзею
Ды ізноў лячу, як стрыж,
Бо спазняюся ў Нясвіж.

Я ад думак халадзею
І шкадую Гарадзею.
Век на ростані, як крыж
Ля гасцінца на Нясвіж.

Здзейсніў я сваю ідэю –
Скласці верш пра Гарадзею.
І ні слова – пра Нясвіж.
Непатрэбны мне прэстыж!

Гарадзея, Гарадзея,
У цябе адна надзея –
Ўсё жыццё сваё стаіш…
Абудзіся! Ўсё праспіш!

1999

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5.00 out of 5)

Верш Гарадзея - Георгій Ліхтаровіч