Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ноч перад святам

Заўтра мне дваццаць пяць,
I Радзіме маёй дваццаць пяць.
Ды пра гэта падумаю я
Перад самым світаннем…
Ноч.

Шуміць лістапад.
Хвоі ў лесе панура рыпяць.
Вецер злосна шпурляецца
Ў твары сухімі лістамі.
Прыфрантовая вёска.
Дажджом абглыданы лясок.
Звонка хлюпае гразь,
I за ногі хапае пясок.

Як ваўчынае вока,
Мігнуў аганёк папяросы –
Гэта наша друкарня
Стаіць на паходных калёсах.
Тут пад небам дажджлівым
Разбітай Калінінскай вобласці
Мы друкуем гарачыя словы
Аб славе і доблесці.
Тут суровую песню
Аб Сільніцкім, героі-нябожчыку,
Набіраюць рупліва
Дзяўчаты-наборшчыцы.
Іх сукенкі святочныя
Ад дажджоў парадзелі,
У дарогах знасіліся,
Палінялі ад сонца.
Ну, а новых такіх
Не знайсці, не купіць анідзе ім,
Бо так хораша шыюць
Толькі ў роднай старонцы.

Белым крыллем газеты
Машына махае старанна.
Нас трывожыць адно:
Толькі б скончыць у тэрмін тыраж.
Праміне гэта ноч,
I над небам імглістага рання
Панясе самалёт
Падарунак кастрычніцкі наш.
Там, за лініяй фронту,
Над беларускім прасторам
Прашуміць белы лівень
Святочных газет і лістовак.
Дзе яны ападуць –
Ці на луг, ці на чорныя гоні –
На хвіліну малую
Крывавыя раны загояць.
Іх падыме Мінай,
Іх падыме таварыш Заслонаў,
Скажуць хлопцам сваім:
“Па-святочнаму выдадзім бой!”
О, бяссонніца фронту –
Цяжэйшая з нашых бяссонніц.
Быць заўсёды і ўсюды
Табе неразлучнай са мной!..
Зноўку вецер і ноч.
Зноў дарога жуе мае ногі.
Зноў я чую надрыўныя
Грузавікоў галасы.
Гэта зброю вязуць.
Гэта стогнуць у цемры дарогі –
Ад Таржка і да Ржэва
Куксуюць цяжкія “зісы”.

*

Не, не так меркаваў
Сустракаць я цябе, маё свята,
Дваццаць пяты Кастрычнік –
Мой светлы і радасны дзень!
Плашч-палаткамі вокны завешаны,
Нізкая, цёмная хата.
За сцяной непагода сівая
У сумныя трубы гудзе.
Адпачні, камандзір,
Ты зрабіў, што табе загадалі,
Захініся шынелем,
На лаву кляновую ляж.
Ды не спіцца, не дрэмлецца…
Лепей ізноў прыгадаю
Твары родных і блізкіх
І дом у сасонніку наш.
Прыгадаю, прыпомню,
Як бацька мне казкі там баяў
Пра ваяцкую славу
Далёкіх і велічных дзён,
Калі з саду праз вокны,
Здавалася мне, наплывае
Не пчаліная песня,
А шабляў разгневаны звон.
Самы раз бы яму,
Пасівеламу мужнаму воіну,
Сёння гушкаць унукаў
Ці, выпіўшы чарку віна,
На вяселлі маім
Са старымі сябрамі спакойна
Успамінаць, як раўла
Ў чатырнаццатым годзе вайна.
Ды спакою салдату
Няма аж да самае смерці –
У аршанскіх лясах
Партызан у засаду вядзе…
Хлешча дождж за сцяной,
За сцяной глуха скардзіцца вецер,
Непагода сівая
У сумныя трубы гудзе.

*

Мы па стопцы спірытусу
Хопім у чэсць гадавіны
I па першым лядку
Пойдзем рукі пажарамі грэць.
Чорны дым паплыве
Па узгорках, ярах і далінах –
Эшалоны чужыя
У гэты дзень будуць ярка гарэць.
У гэты дзень я убачу
Праз хмары высокага дыму,
Як далёкае сонца,
Сваю дарагую Радзіму…
Каб я ведаў, што буду
Так доўга у горкім выгнанні,
Можа, быў бы храбрэйшым
У першае чорнае ранне.
I каб лёг я касцьмі
Па той бок белавежскага бору,
Мо чужынец пракляты
Перайсці пабаяўся б мой труп,
Мо б зямля на мяне
Не паказвала з горкім дакорам
Абгарэлымі пальцамі
Мінскіх і гомельскіх труб.
Я не мёртвы. Жывы.
I за гэта жыццё я павінен
Перамогу і шчасце
Прынесці любімай краіне.
I адна у мяне – пра Радзіму –
Сягоння трывога.
I адна у мяне – на Радзіму –
Сягоння дарога,
Праклянуць мяне дрэвы,
I травы, і родная хата,
Калі я не асілю
У бітве нямецкага ката.
Гэта мой абавязак,
Гэта гонар і слава салдата.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ноч перад святам - Пiмен Панчанка